Зіма паспела парадаваць нас першым снегам. Некага гэта прымусіла апрануць яшчэ больш цёплае адзенне, а некага распрануцца зусім. Менавіта са з’яўленнем пушыстага снежнага покрыва адкрываецца сезон зімовага загартоўвання ў сталічным ліцэі № 2, пасля пачатку якога жыхары суседніх дамоў са здзіўленнем назіраюць за снежнымі “маржамі”.
Мы не маглі прапусціць такой знакавай падзеі. Ну а для таго, каб перадаць нашым чытачам усе адчуванні зімовага экстрыму, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” далучылася да бегу па снезе і снежнага абцірання.
Тры хвіліны экстрыму
Іду да ліцэя № 2. Надвор’е не радуе: быццам бы і не так холадна, але высокая вільготнасць прымушае паскорыць крок, каб сагрэцца. Чалавеку, які крыху падмёрз, думка, што праз некалькі хвілін прыйдзецца распрануцца на холадзе, здаецца вар’яцкай. Супакойваю сябе тым, што юных спартанцаў прымушалі хадзіць босымі круглы год пачынаючы з сямігадовага ўзросту, а вада для таго, каб памыцца, амаль заўсёды была халоднай. Такі лад жыцця захоўваўся ў дарослыя гады, што рабіла спартанцаў моцнымі і практычна непераможнымі. Вядома, мы не спартанцы… Мы лепшыя, бо якая там зіма ў Грэцыі!
Заходжу ў ліцэй. Тут мяне ўжо чакаюць.
Алена Мікалаеўна Чужба выкладае ў навучальнай установе фізічную культуру. Яна і расказвае мне пра тое, што традыцыя зімовага загартоўвання ў ліцэі існуе ўжо больш за 10 гадоў, а паклаў ёй пачатак былы настаўнік матэматыкі Алег Антонавіч Бычкоўскі, які ў свой час жыў на Поўначы, меў вопыт плавання ў ледзяной вадзе Ісык-Куля і актыўна практыкаваў снежныя працэдуры. Мая суразмоўніца з усмешкай успамінае, што педагогі ліцэя, якія выкладаюць фізічную культуру, далучыліся да матэматыка толькі праз некалькі гадоў. Прычым зрабіў гэта Алег Антонавіч амаль што прымусова, прысароміўшы калег. Калі ж настаўнік пайшоў з ліцэя, менавіта Алена Мікалаеўна працягнула закладзеныя ім традыцыі.
Пакуль мы знаёмімся, ліцэісты паспелі падрыхтавацца да снежных працэдур. Хлопцы з’явіліся ў адных толькі шортах, упэўнена ступаючы босымі нагамі па школьным калідоры. Некаторыя з іх бегаюць ужо другі год, таму вопыт для іх не новы. А вось дзяўчаты, якія, як і я (ну, калі не лічыць дзіцячых свавольстваў), зробяць гэта ўпершыню, апрануты лёгка, але зняць спартыўны абутак не адважыліся. Упэўнена знімаю абутак і лішнюю вопратку.
Выбягаем на снег. Ён крыху вільготы. Ужо зусім хутка босыя ногі адчуваюць толькі прыемны агонь. Ніякага дыскамфорту. Ліцэісты бадзёра бягуць на заснежаны стадыён, і вось тут пачынаецца самае цікавае: гульня ў снежкі. Пасля першага халоднага шарыка, які трапіў у плячо, адчуваю лёгкі холад. Хлопцы пачынаюць поўнасцю абцірацца снегам, дзяўчаты расціраюць рукі. У мяне ж задача-максімум, акрамя непасрэдна снежных працэдур, трэба паспець усё гэта сфатаграфаваць. Зрабіўшы некалькі здымкаў, таксама зачэрпваю сняжку, і пра некалькі секунд мне становіцца цёпла. Алена Мікалаеўна запрашае легчы па снег. Эмоцыі зашкальваюць!
Бяжым назад, падлеткі смяюцца, што не адчуваюць ног. Дарэчы, я не адчуваю таксама. Аказалася, што тэрапія холадам і выкід адрэналіну занялі ўсяго тры хвіліны. А здавалася, што як мінімум 10—15. На драўляных нагах дабіраемся да раздзявалак, насуха выціраемся, апранаемся. Усё цела і асабліва ногі пранізваюць тысячы дробных іголачак, усім не проста цёпла — горача!
Хутка і эфектыўна
“Самая нізкая тэмпература, пры якой мы выходзілі на снег, мінус 12 градусаў, — адзначае Алена Мікалаеўна. — Канечне, я сачу за тым, каб у дзяцей не было абмаражэння ног, каб яны не захварэлі. Шчыра прызнаюся, крыху баюся выводзіць дзяцей на такі мароз, але двое-трое смельчакоў заўсёды знаходзяцца. Бывала, што дзеці і пры большым марозе ўгаворвалі мяне, але тут спрацоўваюць педагагічная адказнасць і здаровы сэнс. На шчасце, за ўвесь час, што мы практыкуем снежныя працэдуры, у нас не было выпадку, каб хто-небудзь захварэў.
Спецыяльнай падрыхтоўкі да снежнага забегу не праводзіцца, аднак ліцэісты ведаюць: цела перад выхадам на вуліцу павінна быць цёплым, таму яны актыўна рухаюцца, каб разагрэцца. Пасля працэдуры час на вагу золата. Паколькі забег адбываецца на самым вялікім 20-хвілінным перапынку, яго хапае толькі каб высушыць ногі і пераапрануцца. Далей на абед і рыхтавацца да наступнага ўрока. Як паказваюць назіранні, доўгая падрыхтоўка да працэдур у многіх адбівае жаданне загартоўвацца. Хутка і эфектыўна — самы аптымальны варыянт. Я не ўскладняю працэс, бо мне не хочацца, каб дзеці ўспрымалі гэта як урок”.
Загартоўванне на асаблівым рахунку ў адміністрацыі ліцэя і ў полі зроку тутэйшых педагогаў. Раней да снежных працэдур далучаліся настаўніца біялогіі Таццяна Мікалаеўна Сагай і настаўнік гісторыі Дзмітрый Аляксандравіч Дрожжа. Цяпер актыўна ўдзельнічае ў іх настаўніца фізкультуры Дзіяна Яўгенаўна Яфіменка. У асноўным станоўча адносяцца да такога карыснага захаплення і бацькі. Аднак іншым разам сумненні ўзнікаюць.
“У нас была такая цікавая гісторыя, — усміхаецца Алена Мікалаеўна. — Сям’я аднаго з нашых вучняў вельмі ўсхвалявалася навіной, што іх дзіця бегае па снезе. Тады бацька хлопца прыняў рашэнне паспрабаваць зрабіць гэта разам з намі. І так захапіўся, што неаднойчы далучаўся да нас. Не так даўно яго сын скончыў ліцэй, а мужчына прызнаўся, што будзе і далей працягваць традыцыю”.
Снежныя працэдуры як магчымасць дастукацца да моладзі
Калектывізм і цікаўнасць падлеткаў іграюць немалую ролю. Для многіх важна даказаць сабе самому, маўляў, іншыя могуць, значыць, і я магу. Нярэдка да выхаду на снег далучаюцца былыя выпускнікі, якія прыязджаюць у навучальную ўстанову менавіта для гэтага.
Сённяшнія ліцэісты, якія вучацца ў выпускным фізіка-матэматычным класе і ўжо другі год займаюцца зімнім загартоўваннем, адзначаюць, што ўвесь негатыў і стомленасць яны пакідаюць на снезе:
“Сапраўды так, гэта асаблівае адчуванне. Працэдура вельмі дапамагае разгрузіцца, дае энергетычны зарад. Напрыклад, пасля кантрольных па матэматыцы адчуваем сябе стомленымі, а наперадзе яшчэ столькі ўрокаў… Выбягаеш на снег, і пасля гэтага ты зноў як чысты аркуш паперы”.
Дзяўчаты, для якіх адкрыццё сезона снежнага загартоўвання супала з першым жыццёвым вопытам, у каментарыях больш эмацыянальныя:
“Ні кожны дзень даводзіцца выбягаць на снег, цяпер ногі гараць, эмоцыі зашкальваюць. Падзараджае, бадзёрыць, надае пазітыўны зарад. Думаем, наш ліцэй адзіны ў горадзе, дзе бегаюць па снезе.
Настаўніца фізкультуры ў нас самая лепшая. Натуральна, перад тым, як трапіць сюды, мы ўсе вучыліся ў розных школах, нам ёсць з чым параўноўваць. Калі раней урок фізкультуры для многіх з нас быў нечым з разраду “ну, вы тут паскачыце…”, то на ўроках Алены Мікалаеўны атмасфера зусім іншая. Яе ўрокі адрозніваюцца тым, што нам зразумела, для чаго мы выконваем кожнае дзеянне, які эфект яно мае на наш арганізм”.
Сама Алена Мікалаеўна прызнаецца, што снежныя працэдуры для яе яшчэ адна магчымасць дастукацца да моладзі. Сёння падлеткі ведаюць больш матэматычных формул, чым практыкаванняў, якія станоўча ўплываюць на арганізм і развіваюць яго. Мая суразмоўніца не па чутках ведае, што людзі ўспамінаюць тое, пра што ім расказвалі і паказвалі на ўроках фізкультуры часцей за ўсё тады, калі ўзнікаюць першыя праблемы са здароўем.
Для славян абціранне снегам практычна нацыянальны спосаб загартоўвання. Калі хочаце — альтэрнатыва крыасаўнам. Снег бясплатны і зімой заўсёды пад рукой. Увогуле практыкі ўзаемадзеяння арганізма з нізкімі тэмпературамі здольны тварыць цуды і раскрываць невядомы дагэтуль патэнцыял чалавека. Унікальны ў гэтым плане вопыт тыбецкіх ёгаў, вядомы ў свеце як практыка Тумо, падчас якой тыбецкія ламы на марозе высушваюць на сабе мокрую прасціну. Успамінаецца і вядомы ўсім Парфірый Іваноў з яго знакамітай “Дзеткай”.
Алена Мікалаеўна не заглядвае так далёка, але адзначае, што цікавасць заняцца загартоўваннем больш сур’ёзна ёсць. Прычым як з ліцэістамі, так і асабіста. Гэтай зімой настаўніца запланавала акунанне ў палонку, у чым яе вельмі падтрымлівае старэйшы сын. Разам яны, без сумненняў, здолеюць!
Ужо напрыканцы нашай размовы я заўважыла ў рабочым кабінеце маёй суразмоўніцы вельмі цікавы медаль. На ім было напісана: “Лепшаму настаўніку на свеце!”. Як аказалася, яго прама дадому прынеслі Алене Мікалаеўне яе выпускнікі. Ці кожнаму настаўніку фізкультуры робяць такія падарункі?!
Выходжу на вуліцу. Успрыманне надвор’я зусім іншае. Такое адчуванне, быццам у нябеснай канцылярыі на некалькі градусаў узнялі тэмпературу! Людзі тыя ж, але цяпер насустрач ім хочацца ўсміхацца. Эх, здаецца, і мне хочацца ў палонку!
Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара і Кацярыны МІНКІНАЙ.